3,110,919 views • 17:52

[Яго Святасць Папа Францішак, запіс зроблены ў Ватыкане і ўпершыню паказаны на TED2017]

Добры вечар. Ці добрай раніцы — я не ўпэўнены, якая ў вас гадзіна. Якая б гадзіна ні была, я вельмі ўсцешаны прыняць удзел у вашай сустрэчы. Мне вельмі падабаецца яе назва — “The future you” (анг. "Будучы ты"), таму што яна, гледзячы ў заўтрашні дзень, ужо сёння запрашае да дыялогу: гледзячы ў будучыню, запрашае звярнуцца да "сябе". “The future you” — гэта будучыня, што створана з "цябе", створана з сустрэч, бо жыццё цячэ скрозь адносіны. Шмат гадоў майго жыцця яшчэ больш зацвердзілі маё перакананне, што існаванне кожнага з нас цесна звязана з існаваннем іншых: жыццё — гэта не час, якi праходзіць, а чаc сустрэч.

Калі я сустракаю ці слухаю хворых людзей, што пакутуюць, мігрантаў, што сутыкаюцца з неймавернымі цяжкасцямі ў пошуках лепшага лёсу, вязняў, што нясуць пекла ў сваіх сэрцах, людзей, асабліва маладых, што не маюць працы, у мяне часта паўстае пытанне: "Чаму яны, а не я?" Я таксама нарадзіўся ў сям'і мігрантаў: мой тата і яго бацькі, як і шмат якія італійцы, адправіліся ў Аргентыну і спазналі лёс тых, хто застаецца ні з чым. Я таксама мог бы быць сярод "непатрэбных" сёння людзей. Таму ў маім сэрцы заўсёды застаецца пытанне: "Чаму яны, а не я?"

Мне перш за ўсе хацелася б, каб гэтая сустрэча дапамагла нам узгадаць, што ўсе мы патрэбныя адно адному, што ніводзін з нас не з'яўляецца выспай, аўтаномным і незалежным "Я", што будучыню можна пабудаваць толькі разам, не выключаючы нікога. Мы не задумваемся пра гэта, але ўсё сапраўды ўзаемазвязана, і нам неабходна аздаравiць гэтыя сувязі: нават моцнае асуджэнне, што я трымаю ў сваім сэрцы ў адносінах да майго брата ці маёй сястры, тая рана, якую ніколі не лячылі, тая не выбачаная мною крыўда, азлобленасць, што прынясе толькі боль, — гэта частка вайны, што я нясу ў сабе, полымя ў сэрцы, якое трэба патушыць, бо інакш разгарыцца пажар і пакіне толькі попел.

Сёння шмат хто з розных прычын, здаецца, перасталі верыць, што шчаслівая будучыня магчымая. Да гэтых страхаў трэба ставіцца сур'ёзна. Але яны не з'яўляюцца непераможнымі. Іх магчыма пераадолець, калі не замыкацца ў сабе. Таму што шчасце магчыма зведаць толькі як дар гармоніі кожнай часцінкі з усім цэлым. Нават навука — аб гэтым вам вядома лепш за мяне — падцвярджае такое разуменне рэальнасці, дзе кожны элемент існуе ў сувязі, у бясконцым узаемадзеянні з усім астатнім.

І так я падыходжу да свайго другога паведамлення. Як цудоўна было б, калі б рост навуковых і тэхналагічных інавацый суправаджаўся яшчэ большай роўнасцю і сацыяльнай інклюзіяй! Як цудоўна было б, калі, адкрываючы новыя далёкія планеты, мы адчулі б патрэбы нашых брата і сястры, што круцяцца вакол нас! Як было б цудоўна, калі б братэрства, такое прыгожае і часам нязручнае слова, не зводзілася толькі да сацыяльнай дапамогі, а стала б галоўным клопатам падчас прыняцця палітычных, эканамічных, навуковых рашэнняў і ў адносінах між людзьмі, народамі і краінамі. Толькі выхаванне людзей у братэрстве і салідарнасці дапаможа пераадолець "культуру непатрэбных", і гэта тычыцца не толькі ежы ці тавараў, а перш за ўсё людзей, якія сталі адкінутымі на ўскраіны тэхна-эканамічнымі сістэмамі, у цэнтры ўвагі каторых несвядома знаходзіцца ўжо не чалавек, а тавары.

Салідарнасць — гэта слова, якое шмат хто хацеў бы выкінуць са слоўніка. Салідарнасць, аднак, — гэта не нейкі аўтаматычны механізм, яе немагчыма запраграмаваць ці кіраваць ёю: гэта вольны выбар, што нараджаецца ў сэрцы кожнага з нас. Так, менавіта вольны! Калі чалавек зразумее, што яго жыццё, нават у гушчары шматлікіх супярэчнасцяў, гэта дар, любоў — гэта крыніца і сэнс жыцця, як можна пераважыць у сабе жаданне чыніць дабро іншым людзям?

А каб чыніць дабро, патрэбна памяць, мужнасць і нават крэатыўнасць. Я даведаўся, што TED збірае шмат вельмі крэатыўных людзей. Так, любоў патрабуе крэатыўных, канкрэтных, нестандартных рашэнняў. Не дастаткова проста добрых інтэнцый і звыклых формул, што часта служаць толькі для ўласнага заспакаення. Давайце ж разам дапаможам адно адному запомніць, што іншыя людзі — гэта не проста статыстыка ці лічбы: кожны з іх мае твар, "ты" — гэта заўсёды канкрэты твар, гэта брат, варты клопату.

Існуе прыпавесць, якую Езус распавёў, каб дапамагчы нам зразумець розніцу паміж тымі, хто думае аб уласным камфорце, і тымі, хто дбае пра іншых. Вы яе пэўна чулі: гэта прыпавесць аб Міласэрным Самараніне. Калі ў Езуса пыталіся "Хто мой сусед?", што значыць "Пра каго мне клапаціцца?", Ён распавядаў гэтую прыпавесць, прыпавесць пра чалавека, на якога напалі злодзеі, абрабавалі, збілі яго і пакінулі на дарозе. Два вельмі паважаныя ў тыя часы чалавекі — святар і лявіт — убачылі яго, але прайшлі, не зважаючы, і не спыніліся. Потым праходзіў самаранін — чалавек з этнічнай групы, якой пагарджалі. І гэты самаранін, калі ўбачыў на зямлі зраненага чалавека, не прайшоў міма як іншыя, быццам яго там і не было, але пашкадаваў яго. I гэта спачуванне схіліла яго да канкрэтных дзеянняў: ён перавязаў раны бедаку, паліваючы іх алеем і віном, прывёз яго ў гатэль, і заплаціў з уласнай кішэні за тое, каб за ім даглялалі.

Прыпавесць аб Міласэрным Самараніне — гісторыя сучаснага чалавецтва. Шляхі народаў поўняцца ранамі з-за таго, што ўсё сканцэнтравана вакол грашэй і рэчаў, а не людзей. У тых, хто лічыць сябе "прыстойнымі", ёсць звычка не хвалявацца пра іншых і пакідаць такім чынам шмат людзей, нават цэлыя народы, ззаду, на ўскраіне дарогі. Алё ёсць таксама і тыя, хто стварае новы свет праз дапамогу іншым людзям, выдаткоўваючы ўласнае. Дарэчы, Маці Тэрэза з Калькуты казала: "Немагчыма любіць, калі не за кошт самога сябе".

Нам трэба вельмі шмат зрабіць, і мы павінны рабіць гэта разам. Але як гэта зрабіць пры ўсім тым зле, якім мы дыхаем? Дзякуй Богу, ніводная сістэма не можа забараніць нам адкрыцца насустрач дабру, спачуванню і здольнасці процістаяць злу, што зыходзяць з глыбіні нашых сэрцаў. Цяпер вы мне скажаце: "Гэта ўсё прыгожыя словы, але я не Міласэрны Самаранін і не Маці Тэрэза з Калькуты". Аднак кожны з нас каштоўны, кожны з нас незаменны ў вачах Бога. І ў цемры канфліктаў, праз якія мы прабіраемся, кожны з нас можа стаць яркай свечкай, напамінам пра тое, што святло заўжды перамагае цемру, а не наадварот.

Для нас, хрысціян, будучыня мае імя, і імя гэта — надзея. Спадзявацца не значыць быць наіўнымі аптымістамі, што ігнаруюць зло чалавецтва. Надзея — гэта дабрадзейнасць сэрца, што не замыкаецца ў цемры, не засяроджваецца на мінулым, не вязне ў сучаснасці, але здольная бачыць будучыню. Надзея — гэта дзверы, адчыненыя ў будучыню. Надзея — гэта пакорнае і схаванае зярнятка жыцця, якое з часам вырастае ў вялікае дрэва. Яна, як нябачныя дрожджы, што дазваляюць усяму цесту падняцца, яна надае смак усяму жыццю. Яна здольная зрабіць шмат, таму што дастаткова аднога пробліска святла, што жывіцца надзеяй, і цемра не будзе такой апраметнай. Каб існавала надзея, дастаткова аднаго чалавека, і гэтым чалавекам можаш быць ты. Потым з'явіцца другі "ты", і яшчэ адзін "ты", і вось гэта ўжо "мы". А калі ёсць "мы", ці тады пачынаецца надзея? Не, яна ўжо пачалася з "цябе". Калі ёсць"мы", пачынаецца рэвалюцыя!

Трэцяе і апошняе паведамленне, якое б я хацеў сёння данесці, датычыцца акурат рэвалюцыі: рэвалюцыі пяшчотнасці. Што такое пяшчота? Гэта любоў, блізкая і адчувальная. Гэта рух, што ўзнікае ў сэрцы і дасягае вачэй, вушэй і рук. Пяшчота азначае мець вочы, каб бачыць іншых, вушы, каб чуць іншых, каб слухаць плач дзяцей, беднякоў, тых, хто баіцца будучыні, каб пачуць ціхі крык нашага агульнага дома — нашай забруджанай і хворай планеты. Пяшчота азначае мець рукі і сэрца, каб даглядаць іншага, клапаціцца пра яго.

Пяшчота — гэта мова дзетак, тых, каму патрэбны іншыя. Дзіцятка любіць і пазнае сваіх тату і маму праз іх дотык, погляд, голас і пяшчоту. Мне падабаецца чуць, як тата ці мама размаўляюць са сваім маленькім дзіцяткам, калі i яны становяцца дзецьмі, размаўляючы так, як гэта робіць іх дзіця. Гэта і ёсць пяшчота: сыйсцi на адзiны ўзровень з іншымі. Так і Бог спусціўся ў вобразе Езуса, каб стаць з намі на адзін узровень. Гэта шлях, што прайшоў Міласэрны Самаранін. Гэта шлях самога Езуса, што спусціўся і пражыў цэлае чалавечае жыццё, кіруючыся моваю любові.

Так, пяшчота — гэта шлях, якім кіраваліся найбольш мужныя і моцныя мужчыны і жанчыны. Пяшчота — гэта не слабасць, гэта моц. Гэта шлях салідарнасці, шлях пакоры. Дазвольце мне сказаць выразна: чым больш ты маеш улады, чым больш твае дзеянні маюць уплыў на людзей, тым больш пакорным павінен быць ты сам. Інакш твая ўлада цябе знішчыць, а ты загубіш іншых. У Аргентыне кажуць, што улада — гэта як джын нашча. Дае ў галаву, робіць цябе п'яным, ты губляеш раўнавагу і робіш дрэнна сабе і іншым, калi не дадаеш пакору i пяшчоту. Аднак разам з пакорай і любоўю ўлада, нават найвышэйшая і наймацнейшая, пачынае служыць у інтэнцыі дабра.

Будучыня чалавецтва знаходзіцца не толькі ў руках палітыкаў, вялікіх лідараў ды буйных карпарацый. Так, яны маюць велізарную адказнасць. Але будучыня перш за ўсё знаходзіцца ў руках людзей, што бачаць тваё "я", і сябе як часцінку "нас". Мы ўсе маем патрэбу адно ў адным. Таму, калі ласка, прашу вас і пра мяне ўспамінаць з пяшчотай, каб і я змог выканаць дадзеную мне місію служыць дзеля дабра іншых, дзеля дабра ўсіх. Усіх вас. Усіх нас. Дзякуй.