Return to the talk Return to talk

Transcript

Select language

Translated by Hanna Baradzina
Reviewed by Alena Zhaliazniak

0:11 Адкуль вы? Гэта такое простае пытанне, але ў нашыя дні, вядома, самыя простыя пытанні вымагаюць найскладанейшых адказаў.

0:20 Людзі заўсёды пытаюцца, адкуль я, і чакаюць, што я адкажу - з Індыі, і яны маюць рацыю на ўсе 100 адсоткаў, паколькі па крыві і продках - я з Індыі. Адно толькі, я ні дня свайго жыцця там не пражыў. І я не ведаю ніводнага слова з яе больш за 22 000 дыялектаў. Такім чынам, я лічу, што я нават не заслужыў права называць сябе індыйцам. І калі "Адкуль вы?" азначае "Дзе вы нарадзіліся, выхоўваліся і атрымалі адукацыю?" тады я поўнасцю з той маленькай дзіўнай краіны, якая называецца Англіяй, праўда, я пакінуў Англію, як толькі скончыў школьную адукацыю, і ўвесь час майго сталення я быў адзіным дзіцём на кожным уроку, якое ніяк не пачало выглядаць як класічныя англійскія героі са старонак нашых падручнікаў. Калі ж "Адкуль вы?" азначае "Дзе вы плоціце падаткі? Дзе вы наведваеце тэрапеўта і дантыста?" тады я збольшага з ЗША, і я ўжо 48 гадоў там пражыў, з самага малалецтва. Праўда, большасць з гэтых гадоў мне давялося насіць з сабой гэтую смешную ружовую картачку з зялёнымі палоскамі ўпоперак майго твару, якая вызначала мяне чужынцам с пастаянным жыхарствам. Яно гэтак і ёсць, з цягам часу я ўсё больш адчуваю сябе тут чужынцам.

1:36 (Смех)

1:38 Калі "Адкуль вы?" азначае "Якое месца найглыбей западае вам у душу і дзе вы імкняцеся праводзіць большасць часу?" тады я японец, таму што я правожу як мага больш часу ў Японіі апошнія 25 год . Адно толькі, усе гэтыя гады я быў там па турыстычнай візе, і я нават упэўнены, што не шмат японцаў захацелі б лічыць мяне сваім суайчыннікам.

2:01 Усё гэта я кажу, каб падкрэсліць усю старамоднасць і прастату майго паходжання, таму што калі я еду ў Ганконг або Сіднэй ці Ванкувер, большасць дзяцей, якіх я сустракаю, нашмат больш інтарнацыянальныя і мультыкультурныя за мяне. І ў іх ёсць адзін дом, які яны асацыююць з бацькамі, другі - са сваімі каханымі, трэці, мажліва, звязаны з тым месцам, дзе яны знаходзяцца зараз, чацверты - звязаны з месцам, дзе яны мараць апынуцца, і яшчэ шмат іншых. І ўсё сваё жыццё яны будуць збіраць кавалачкі шматлікіх розных месцаў і складаць іх разам у адно цэлае. Дом для іх - гэта няскончаная праца. Гэта падобна на праект, да якога ўвесь час дадаюцца абнаўленні, паляпшэнні і выпраўленні.

2:50 І для ўсё большых з нас дом усё меней звязаны з кавалкам зямлі, болей, можа быць, з кавалкам душы. Калі нехта знянацку спытае мяне: "Дзе ваш дом?" я думаю пра сваю каханую ці блізкіх сяброў, або пра песні, якія падарожнічаюць са мной паўсюдна.

3:08 Я заўсёды так пачуваўся, але я канчаткова ўсвядоміў гэта некалькі гадоў таму, калі ўздымаўся па лесвіцы ў бацькоўскім доме ў Каліфорніі, і, паглядзеўшы праз вокны гасцінай, убачыў, што яны акружаны 20-мятровымі языкамі полымя - з тых пажараў, якія рэгулярна прарываюцца скрозь пагоркі Каліфорніі і іншых падобных месцаў. І праз тры гадзіны, калі агонь патушылі, увесь мой дом і кожная яго часцінка акрамя мяне пераўтварыліся ў попел. І калі я прачнуўся ўраніцы на наступны дзень, я спаў на падлозе ў сяброў, адзінай маёй маёмасцю была зубная шчотка, якую я толькі што набыў у кругласуткавым супермаркеце. Вядома, калі б хто-небудзь запытаў мяне тады: "Дзе твой дом?" я літаральна не змог бы паказаць на нейкую фізічную канструкцыю. Маім домам сталася толькі тое, што я меў унутры.

4:03 І гледзячы з самых розных бакоў, я думаю, што гэта надзвычайнае вызваленне. Таму што калі нарадзіліся мае бабуля з дзядулем, у іх было вельмі моцнае адчуванне дому, пачуццё супольніцтва, этнічнасці, вызначаныя ад самага нараджэння, і ў іх было не так шмат шанцаў калі-небудзь выйсці за межы. Зараз жа, прынамсі некаторыя з нас могуць выбраць сваё адчуванне дому, стварыць уласнае пачуццё супольніцтва, сваё самаадчуванне, і такім чынам могуць зрабіць крок наперад, па-за чорна-белы падзел часоў нашых дзядоў. Невыпадкова прэзідэнт мацнейшай нацыі на свеце напалову кеніец, часткова вырас у Інданэзіі і мае кітайска-канадскага швагера.

4:45 Колькасць людзей, якія жывуць не ў сваіх краінах цяпер дасягае 220 мільёнаў, і гэты лік вельмі цяжка сабе ўявіць. Гэта азначае, што калі б вы ўзялі ўсё насельніцтва Канады і ўсё насельніцтва Аўстраліі, а затым усё насельніцтва Аўстраліі зноўку і ўсё насельніцтва Канады яшчэ раз, і падвоілі гэты лік, у вас усё роўна было б меней людзей, чым ва ўсім гэтым племені перасяленцаў. І колькасць нас такіх, хто жыве па-за межамі старых нацыянальна-дзяржаўных катэгорый павялічваецца так хутка, на цэлыя 64 мільёны за апошнія 12 гадоў, што хутка нас стане больш за амерыканцаў. Ужо зараз, мы прадстаўляем 5-ую па колькасці нацыю Зямлі. І насамрэч, у найбуйнейшым канадскім горадзе, Таронта, сярэднестатыстычны жыхар цяпер - той, каго раней называлі замежнікам, той, хто нарадзіўся ў зусім іншай краіне.

5:41 І мне заўжды падавалася прыемным быць у атачэнні замежнікаў, гэта падбадзёрвае. Нельга нічому давяраць з першага погляду. Падарожнічаць для мяне ўсё роўна што закахацца: таму што нечакана ўсе твае пачуцці ў рэжыме "Укл." Раптам чалавек адкрыты да загадкавых суадносінаў свету. Сэнс сапраўднага падарожжа, як слушна сказаў Марсэль Пруст, не ў тым, каб пабачыць новыя мясціны, а ў тым, каб убачыць новымі вачыма. І вядома, як толькі вы пачынаеце глядзець новымі вачыма, нават старыя мясціны, нават ваш дом, выглядаюць зусім па-інакшаму.

6:16 Многія людзі, якія жывуць не ў сваіх родных краінах, -- бежанцы, якія зусім не хацелі пакідаць радзіму і нясцерпна хочуць вярнуцца дадому. Але тым з нас, каму больш пашэнціла, я мяркую, эпоха мабільнасці прыносіць новыя хвалюючыя мажлівасці. Гэта спраўджаецца, калі я падарожнічаю, асабліва ў найвялікшыя гарады свету. Сённяшні тыповы чалавек, якога я сустракаю, будзе, напрыклад, маладая напаў-карэянка, напаў-немка, якая жыве ў Парыжы. І толькі сустрэўшыся з маладым хлопцам, напаў-тайцам, напаў-канадцам з Эдынбурга, яна ўспрымае яго як радню. Яна разумее, што верагодней ў яе з ім нашмат больш агульнага, чым з некім поўнасцю з Карэі або Нямеччыны. Гэтак яны сябруюць. Яны закохваюцца. І пераязджаюць у Нью Ёрк. (Смех) Або Эдынбург. І маленькая дзяўчынка, якая нараджаецца ў іх сям'і, вядома ж не будзе ні карэянкай, ні немкай, ні францужанкай, ні тайкай, ні шатландкай і ні канадкай, або нават амерыканкай, але чароўным і бесперапынна зменлівым спалучэннем усіх гэтых месцаў. І патэнцыйна, усё звязанае з тым, як гэтая дзяўчына марыць пра свет, піша пра свет, думае пра свет, можа быць абсалютна розным, таму што яно нараджаецца ў амаль беспрэцэдэнтным змяшэнні культур. Тое, адкуль вы, зараз зусім не так важна, як тое, куды вы накіроўваецеся. Усё большыя і большыя з нас маюць карані хутчэй ў будучыні або ў цяперашнім, нараўне з мінулым. І дом, як вядома, гэта не проста месца, дзе вам давялося нарадзіцца. Гэта месца, дзе вы становіцеся сабою.

7:57 І тым не менш, існуе вялізная праблема з перамяшчэннем, і яна заключаецца ў тым, што сапраўды цяжка ва ўсім разабрацца, калі вы яшчэ не прыбылі. Некалькі гадоў таму, я заўважыў, што назбіраў больш за 1,5 мільёнаў кіламетраў толькі на пералётах з адной авіякампаніяй. Вы ўсе ведаеце гэтую вар'яцкую сістэму -- шэсць дзён у пекле, і вы атрымаеце сёмы дзень бясплатна.

8:20 (Смех)

8:23 І я пачаў думаць, што насамрэч перамяшчэнне толькі нечага варта праз адчуванне спакою, якое падарожнік можа ўкласці ў падарожжа, каб яго можна было асэнсаваць.

8:33 Восем месяцаў пасля таго, як згарэла мая хата, я выпадкова сустрэў сябра, які выкладаў у мясцовай школе, і ён сказаў: "У мяне ёсць ідэальнае месца для цябе."

8:42 "Сур'ёзна?" - сказаў я. Я заўжды трошкі скептычна стаўлюся да падобных заяваў людзей.

8:45 "Не, праўда,"- працягваў ён: гэта ўсяго ў 3-х гадзінах на машыне, і не вельмі дорага, і верагодна, зусім не падобна на што заўгодна іншае, дзе ты жыў раней."

8:54 "Хмм". Я ўжо быў злёгку заінтрыгаваны. "Што за яно?"

8:58 "Ну..." - тут мой сябра хмыкнуў і зрабіў паўзу - "Ну, насамрэч, гэта каталіцкая келья."

9:04 Гэта быў няправільны адказ. Я 15 год правеў у англіканскіх школах, таму мне на ўсё жыццё хапіла харалаў і крыжоў. Нават на некалькі жыццяў. Але мой сябра запэўніў мяне, што ні сам ён не быў каталіком, ні большасць яго вучняў, але ён вывозіў туды сваіх школьнікаў штовесну. І, як ён сказаў, нават самыя неспакойныя і неўважлівыя, 15-гадовыя каліфарнійскія хлопцы з залішкам тэстастэрону ужо пасля трох дзён цішыні адчувалі, як нешта ў іх сцішылася і праяснілася. Яны знаходзілі сябе.

9:41 І я падумаў: "Усё, што працуе для 15-гадовага падлетка, павінна спрацаваць і для мяне". Я сеў у машыну, праехаў тры гадзіны на поўнач уздоўж узбярэжжа, дарогі станавіліся пусцейшымі і вузейшымі, пасля я павярнуў на яшчэ вузейшую сцяжынку, ледзь раз'езджаную, якая пятляла 3 кіламетры, на самую вяршыню гары. Тады я выйшаў з машыны, паветра пульсавала. Ва ўсім месцы стаяла абсалютная цішыня, але гэтая цішыня не была проста адсутнасцю шуму. Вакол мяне была якасна іншая энергія. Ўнізе, ля маіх ног, было блакітнае акенца Ціхага акіяну. Вакол мяне было 300 гектараў дзікага сухога хмызняку. Я прайшоў у пакой, у якім мусіў спаць. Ён быў маленькі, але вельмі ўтульны, у ім быў ложак і крэсла-гайдалка, і доўгі стол і высокія панарамныя вокны, што выходзілі на маленькі, прыватны, абнесены сценамі сад, а за ім 400 метраў залатой пампаснай травы, аж да самага акіяну. Тады я сеў і пачаў пісаць, і пісаць, і пісаць, нягледзячы на тое, што я прыехаў туды, каб зрэшты збегчы ад свайго стала.

10:55 І калі я ўстаў з-за стала, прайшло чатыры гадзіны. Наступіла ноч, я выйшаў пад гэтую вялізную апракінутую салонку зорак, я мог бачыць заднія агні машын, што знікалі за паваротам у 20 кіламетрах на поўдзень. І цяпер насамрэч здавалася, што мае ўчорашнія апасенні зніклі.

11:19 На наступны дзень, калі я прачнуўся, без тэлефонаў, тэлевізараў і камп'ютараў, здавалася, што дні цягнуцца тысячу гадзін. Гэта была насамрэч уся тая свабода, якую я адчуваю ў падарожжах, але адначасна глыбока адчувалася, быццам я дома.

11:37 Я не рэлігійны чалавек, таму я не пайшоў на імшу. Я не прасіў парады ў мніхаў. Я проста гуляў па кляштарнай дарозе і дасылаў паштоўкі сваім любімым. Я глядзеў на аблокі, і рабіў тое, што звычайна для мяне самае цяжкае, -- я проста нічога не рабіў.

11:56 Тады я пачаў вяртацца ў гэтае месца, і заўважыў, што там я рабіў самую важную для сябе працу, незаўважна, проста седзячы спакойна, і вядома ж, прыходзячы да самых крытычных вырашэнняў, так, як у мяне ніколі не атрымлівалася, калі я разрываўся паміж апошнім імэйлам і наступнай сустрэчай.

12:13 І тады я пачаў думаць, што нешта ў ва мне насамрэч ужо даўно маліла пра цішыню і спакой, але, вядома, я не мог гэтага пачуць, бо столькі бегаў. Я быў быццам нейкі вар'ят, які апранае павязку на вочы, а потым скардзіцца, што нічога не бачыць. Я ўспомніў цудоўную фразу Сенекі, якую вывучыў яшчэ хлопчыкам, у якой ён кажа: "Не той бедны, хто валодае малым, а той, хто прагне большага."

12:41 Вядома, я не прапаноўваю нікому з прысутных далучыцца да кляштара. Я не пра тое. Але я мяркую, што толькі спыніўшыся, вы зможаце ўбачыць, куды ісці. І толькі адступіўшыся на момант ад свайго жыцця і свету, вы зможаце ўбачыць, што вам насамрэч дорага, і знайсці свой дом. Я заўважыў, як шмат людзей робяць сапраўдныя намаганні, каб спакойна праседзець 30 хвілін штораніцы, проста каб сабрацца з думкамі, у кутку свайго пакоя, без усялякай электронікі, або бегаюць штовечар, або адкладаюць свае тэлефоны, калі ідуць пагутарыць з сябрам.

13:20 Рух -- гэта неверагодны прывілей, і ён дазваляе нам зрабіць нашмат больш, чым нашы дзяды маглі б калі-небудзь нават уявіць. Але з іншага боку, рух мае сэнс толькі калі ў вас ёсць, куды вяртацца дадому. І у рэшце рэшт, дом - гэта, вядома не толькі месца, дзе вы спіцё. Гэта месца, дзе вы крэпка стаіцё.

13:44 Дзякуй.

13:45 (Плясканні)